ПЕРАКЛАДНА́Я АПО́ВЕСЦЬ,
адзін з асноўных жанраў старажытнабеларускай літаратуры 15—17 ст., які аб’ядноўвае розныя апавядальныя творы замежнай літаратуры, перакладзеныя на бел. мову. Вядома з часоў Кіеўскай Русі (гл. Аповесць старажытнаруская); яе ўзнікненне звязана з пашырэннем культ. узаемасувязей Беларусі з замежнымі краінамі і з завяршэннем фарміравання ў 15 ст. старабел. літ.пісьмовай мовы. Большасць П.а. паявілася на Беларусі з заходнееўрап. узораў праз зах.-слав. і паўд.-слав. пасрэдніцтва. Вылучаюць рэлігійныя і свецкія П.а. Рэлігійныя падобныя да апокрыфаў («Страсці Хрыстовы», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Аповесць пра трох каралёў», «Аповесць пра Таўдала»). Да свецкіх належаць рыцарскія раманы, якія на Беларусі называліся аповесцямі («Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву»), гіст. аповесці («Александрыя», «Гісторыя пра Атылу», «Мамаева пабоішча», «Троя»), дыдактычныя і жартоўныя маст. творы. Змяшчаліся ў зб-ках «Вялікае зярцала» і «Рымскія дзяянні» (напр., «Гісторыя пра Апалона Цірскага»), у хроніках-зводах і хранографах (гл. «Вялікая хроніка», «Хроніка ўсяго свету»), У П.а. часам свядома пашыраўся ці скарачаўся тэкст, уключаўся мясцовы матэрыял, узмацняліся ідэі гуманізму, беларусізаваліся імёны і інш. (напр., «Аповесць пра Трышчана» — варыянт рыцарскага рамана пра Трыстана і Ізольду). П.а. лічацца некат. біблейскія кнігі, перакладзеныя і выдадзеныя Ф.Скарынам («Юдзіф», «Эсфір», «Руф» і інш.). П.а. напісаны жывой гутарковай мовай. Яны ўзбагацілі і паўплывалі на развіццё арыгінальнай бел. л-ры (асабліва празаічных жанраў), на станаўленне бел. белетрыстыкі. Некат. аповесці пранікалі праз бел. пасрэдніцтва на Украіну і ў Расію, што ўмацоўвала культ. ўзаемасувязі паміж народамі.
Літ.:
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Пг., 1921;
Кузьмина В.Д. Рыцарский роман на Руси. М., 1964;
Кривчик В.Ф. О словарном составе белорусских переводных повестей второй половины XVI в. // Уч. зап. БГУ. Сер. фил. Мн., 1956. Вып. 27;
Гісторыя беларускай літаратуры: Сгаражытны перыяд. 4 выд. Мн., 1998.
Л.Я.Цімашкова, В.А.Чамярыцкі.
т. 12, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)